ЛІМФАТЫ́ЧНАЯ СІСТЭ́МА,
сукупнасць сасудаў пазваночных жывёл і чалавека, што збіраюць лімфу ад тканак і органаў і адводзяць яе ў вянозную сістэму. Складаецца з капіляраў, сасудаў, праток, вузлоў. З міжклетачных поласцей лімфа напампоўваецца сляпымі канцамі лімфатычных капіляраў, якія зліваюцца ў больш буйныя сасуды, пратокі і ўпадаюць у вены ў месцах найменшага крывянога ціску (вобласць ярэмных вен, хваставая, заднія полыя вены). Вытворнае вянознай сістэмы. Адрозніваюць паверхневую Л.с., утвораную пераважна сеткай падскурных капіляраў і сасудаў (ніжэйшыя пазваночныя), і глыбокую — грудныя пратокі з’яўляюцца вываднымі сасудамі (вышэйшыя пазваночныя).
А.С.Леанцюк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)